Архив новостей

09.12.2021

…ВЕЧНА ЮНЫ, ЯК НАША ЗЯМЛЯ

З мэтай пашырэння ведаў вучняў пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага беларускага паэта Максіма Багдановіча была праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя.

Паспрабуйце запытацца ў сваіх родных, сяброў, проста знаёмых. Якому паэту належыць выказванне: “…добра быць коласам, але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком”. Хто з’яўляецца аўтарам славутага раманса “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”? Мяркуем, што ў лепшым выпадку Вы атрымаеце адказ толькі на адно пытанне.

Менавіта таму з мэтай пашырэння ведаў вучняў пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага беларускага паэта Максіма Багдановіча была праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя “…Вечна юны, як наша зямля”, прымеркаваная да 130-годдзя паэта.

Шуляк Таццяна Мікалаеўна, Клявец Ала Іванаўна, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прадставілі ўвазе гімназістаў цікавыя звесткі пра жыццё і творчасць сусветна вядомага паэта, перакладчыка, публіцыста.

Падчас мерапрыемства гучалі паэтычныя творы ў выкананні вучняў 7-9 класаў. Сярод іх — «Па-над белым пухам вішняў», «Слуцкія ткачыхі», «Зорка Венера», «Лявоніха», «Вераніка». Праз мультымедыйную прэзентацыю дэманстраваліся фотаздымкі дзіцячых і юнацкіх гадоў паэта, праз тэматычную выставу былі прадстаўлены зборнікі “Вянок”, “Шыпшына”, “Выбранае”, а таксама творы аб жыцці і дзейнасці паэта. Відэаматэрыялы, прысвечаныя спадчыне паэта дапоўнілі ўяўленне вучняў пра шматграннасць творчай асобы аўтара.

Асаблівую выразнасць узнёсламу тону мерапрыемства надавалі музычныя кампазіцыі ў выкананні вучняў, дзякуючы якім творчая спадчына паэта ўспрымалася цэласна і арганічна. Значная ўвага была адведзена ўсведамленню вучнямі ролі і значэння Максіма Багдановіча для развіцця беларускага пісьменства. Паэзія класіка была і застаецца запатрабаваная і актуальная, яна знаходзіць шырокае адлюстраванне ў творчасці многіх культурных дзеячаў нашай краіны.

Пра Багдановіча здымаюць дакументальнае і мастацкае кіно, яго асоба і творчасць робяцца тэмай работ мастакоў і даследчыкаў. Таксама творы паэта з'яўляюцца сапраўднай крыніцай натхнення для беларускіх кампазітараў. Многія вершы Максіма Багдановіча былі пакладзеныя на музыку і сталі неад'емнай часткай айчыннай музычнай культуры.

Асабліва пранікнёна прагучалі словы Берната Мацвея, вучня 9 “А” класа: “Вершы Максіма Багдановіча я чытаў з асаблівай цікавасцю і хваляваннем. Я па-новаму адкрыў для сябе творчую спадчыну паэта. Паэзія Багдановіча мяне па-сапраўднаму захапіла…”

Анішчанка Наталля Віктараўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

Разделы сайта