2018 - 2020 Годы малой родины

Годом малой родины в Беларуси объявлены 2018 - 2020 годы 

17.01.2019

Выхаваўчая работа прыносіць найбольшы плён менавіта тады, калі грунтуецца на каштоўнасцях малой радзімы, месца, дзе нарадзіўся чалавек. Вывучэнне роднага краю пачынаецца з узроўню пачатковай адукацыі, калі кожнае дзіця з радасцю і здзіўленнем спасцігае навакольны свет. Вось тут патрэбна планамерная, сістэмная, творчая работа настаўнікаў з ужываннем разнастайных сродкаў выхавання.

Педагогі гімназіі выкарыстоўваюць практыка-арыентаваныя формы краязнаўчай дзейнасці. Для вучняў 3-4 класаў праведзена квэст-гульня “Крок за крокам па роднай Ганцаўшчыне”.

Пяць каманд адправіліся ў незвычайнае падарожжа па малой радзіме. Падчас вандроўкі вучні праверылі, наколькі добра яны ведаюць гісторыю і традыцыі малой радзімы. Заданні квэста тычацца самых розных бакоў жыцця Ганцаўшчыны: традыцый, гісторыі, прыроды, літаратуры.

На станцыі “Сцяжынкамі ваеннай славы” ішла гаворка пра абаронцаў радзімы, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Вучні старэйшых класаў падрыхтавалі віртуальны маршрут Памяці, падчас якога расказалі пра ваенныя падзеі на Ганцаўшчыне, запрасілі ўдзельнікаў суаднесці імёны воінаў-землякоў і звесткі пра іх ваенныя подзвігі.

Падчас наведвання станцыі “Цікавыя факты пра Ганцаўшчыну” вучні суадносілі імёны знакамітых людзей, якія нарадзіліся або працавалі ў нашым раёне адпаведна са звесткамі пра гэтых асоб, адказвалі на пытанні віктарыны па гісторыі Ганцавіцкага раёна.

На станцыі “Турыстычнае агенцтва” удзельнікі былі запрошаны ў цікавае падарожжа па роднай Беларусі. Сярод прапанаваных помнікаў культурна-гістарычнай спадчыны, паказаных на інтэрактыўнай дошцы, вучні павінны былі адзначыць культурна-гістарычны аб’ект, які знаходзіцца на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Акрамя таго, рабятам было прапанавана знайсці на сучасных грашовых купюрах выяву гістарычнага помніка, які знаходзіцца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

На станцыі “Край храмаў, паэтаў і народных майстроў” вучні па фотаздымках вызначалі імёны вядомых майстроў, удзельнікаў фальклорных гуртоў і аматарскіх аб’яднанняў Ганцавіцкага раёна, якія праславілі малую радзіму далёка за яе межамі. Дзякуючы сучасным сродкам навучання, удзельнікі квэста адправіліся ў віртуальнае падарожжа па хрысціянскіх святынях нашага раёна. Не засталіся без увагі і знакамітыя паэты-землякі, у гонар якіх была закладзена Алея пісьменнасці ў Ганцавічах.

На станцыі “Ганцавічы сёння” вучням было прапанавана прагледзець тэлефільм “Малая радзіма. Ганцавіцкі раён”, зняты тэлеканалам “Агульнанацыянальнае тэлебачанне”, затым вызначыць, як змяніліся Ганцавічы, параўноўваючы фотаздымкі горада 40-х, 70-х гадоў з сучаснымі.

Пасля наведвання ўсіх станцый кожнай камандзе неабходна скласці пазл.У выніку  - атрымалася выява герба Ганцавіцкага раёна, а сумеснае выкананне гімна “Птушка Ганцавіч” яшчэ раз пацвердзіла, што ўдзельнікі адчуваюць асабістую прыналежнасць да малой радзімы, разумеюць неабходнасць захавання матэрыяльнай і духоўнай спадчыны продкаў.

Анішчанка Наталля Віктараўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

Разделы сайта